29 студзеня вучні 5 «Е» класа змагаліся за званне лепшага знаўцы беларускай мовы. Галіна Іванаўна Юха, настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, правяла адкрыты ўрок і арганізавала для дзяцей свята роднай мовы. Колькі актыўнасці і вясёлых заданняў выканалі вучні! Тры каманды пад кіраўніцтвам капітанаў – Ульяны Горыш, Дашы Неўдах і Уладзіслава Кібака – атрымалі хатняе заданне: прыдумаць візітоўкі-прывітанні для прадстаўлення сваіх каманд – "Фанетыкі", "Арфаэпіі" і "Арфаграфіі". Вучні зрабілі іх у вершаванай форме і намалявалі яркія эмблемы.
“Я – Фанетыка-прынцэса!
Фраза, націск, склад і слова
Неабходны для працэсу
Перадачы сэнсу мовы.
Мы – фанемы, яе дзеці.
У кожнай мове на планеце
Ёсць мы.
Трэба ведаць нас,
Каб разумець значэнне фраз”.
“Арфаэпія я-- важная навука,
Бо вывучаю я змяненне гука.
Як патрэбна словы вымаўляць,
Заўсёды рада вам паведамляць”.
“Я правяраю вашу мову.
Я правілам даю аснову,
Каб без памылак вы ўмелі пісаць
И мову родную сваім пісаннем аздабляць.
Галосныя і зычныя ,
Такія небяспечныя.
Гук вельмі ясна чуецца,
А літара іншая пішацца.
Пракраўшыся ў таямніцы фанемы,
Здужаем мы гэтыя праблемы”.
На ўроку прысутнічалі настаўнікі і бацькі вучняў, якія з захапленнем сачылі за ходам занятка. Варта адзначыць, што некаторыя заданні былі “па зубах” толькі сапраўдным аматарам роднай мовы. Напрыклад, трэба было ў вершаванай форме закончыць сказ. Каманды вучняў размясціліся на асобных радах і з задавальненнем працавалі за кожны бал, падтрымліваючы сваіх членаў. Галіна Іванаўна чаргавала заданні, якія выконваліся, седзячы за партай, з заданнямі, для выканання якіх трэба было ісці да дошкі, а таксама групавыя і індывідуальныя практыкаванні.Занятак быў дынамічным, таму і прайшоў вельмі хутка. У канцы ўрока кожная каманда падлічыла атрыманыя балы, і быў вызначаны пераможца – каманда “Фанетыка”, у скарбонцы якой апынулася 12 балаў. Хочацца падзякаваць Галіне Іванаўне за магчымасць атрымаць асалоду ад меладычнасці беларускай мовы з вуснаў прафесіянала.
Аляксандра Краснова
|